ЦЕПЛАТА́ ЗГАРА́ННЯ паліва, каларыйнасць, цеплатворная здольнасць,
колькасць цеплаты, якая вылучаецца пры поўным згаранні паліва. Залежыць ад хім. саставу паліва. Адрозніваюць Ц.з. ніжэйшую — без уліку цеплаты, якая затрачваецца на выпарэнне вады, што ўтрымліваецца ў паліве ці ўтвараецца пры яго згаранні, і вышэйшую — з улікам гэтай цеплаты. Ц.з., аднесеная да адзінкі масы (для цвёрдага паліва) ці аб’ёму (для газу) паліва, наз. ўдзельнай Ц.з., вымяраецца метадамі каларыметрыі. Адзінка Ц.з. ў СІ — джоўль, удзельнай Ц.з. — джоўль на кілаграм ці джоўль на кубічны метр.
т. 17, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)